КАРАЛЕ́ЎСКАЯ ШЭКСПІ́РАЎСКАЯ ТРУ́ПА (Royal Shakespeare Company),
адзін з вядучых англ. драм. калектываў. Засн. ў 1879 у г. Стратфард-он-Эйван (да 1961 наз. Шэкспіраўская мемарыяльная трупа). З 1982 размяшчаецца ў культ. комплексе «Барбікан-цэнтр» у Лондане. Ставіць п’есы У.Шэкспіра, праводзіць шэкспіраўскія фестывалі (з 1886 рэгулярна). У розныя гады трупу ўзначальвалі рэжысёры Ф.Бенсан, У.Брыджэс-Адамс, Б.А.Пейн, Б.Джэксан, А.Куэйл, Г.Баем-Шоу, П.Хол, Т.Нан, Т.Хэндс, А.Ноўбл (з 1990); працавалі Т.Гатры, Ф.Ф.Камісаржэўскі, П.Брук, Т.Рычардсан і інш.; акцёры: Э.А.Тэры, Г.Бірбам Тры, Дж.А.Гілгуд, Л.К.Аліўе, В.Лі, Р.Рычардсан, Ч.Лотан, М.Рэдгрэйв, П.Скофілд і інш. Філіялы з 1960 — т-р «Олд Вік» і камерны т-р «Вархаўз» у Лондане, дзе ставяцца англ. класічная і сучасная драматургія.
т. 8, с. 50
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)